Аб прадпрыемстве УНІТЭХПРАМ БДУ

Вучэбна-навукова-вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства са статусам навукова-тэхналагічнага парку, – УП «УНІТЭХПРАМ БДУ», было заснавана загадам рэктара БДУ 29 верасня 1999 года, для камерцыялізацыі перадавых распрацовак навукоўцаў універсітэта розных напрамкаў: ад малатанажнай хіміі, медыцынскіх распрацовак, да вылічальнай і аэракасмічнай тэхнікі.

Гісторыя станаўлення вядзе свой адлік з 1975 года, калі пры БДУ ім. У. І.Леніна было створана «Спецыяльнае канструктарска-тэхналагічнае бюро» з вопытнай вытворчасцю (СКТБ з АП пры БДУ ім.У. І. Леніна).

Наступным этапам развіцця стаў 1991 г. – бюро было пераўтворана ў навукова-вытворчую фірму «АУДЕ» (НПФ «АУДЕ»).

У 1993 г. на базе фірмы, загадам Мінадукацыі, быў створаны «Навукова-інжынерны цэнтр БДУ» (НІЦ БДУ), які ў 1998 г. пераўтварыўся ў «Вучэбна-навукова-вытворчае аб'яднанне БДУ» (УНВА БДУ), і праз год – у 1999 г., на яго аснове было створана вучэбна-навукова-вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «УНІТЭХПРАМ БДУ» (УП «УНІТЭХПРАМ БДУ»).

Вялікая роля ў арганізацыі, стварэнні і станаўленні прадпрыемства належыць кіраўніцтву БДУ, НДІ ФХП БДУ хімічнага факультэта і першаму дырэктару – доктару хімічных навук, прафесару Рахманько Яўгену Міхайлавічу, які кіраваў калектывам з 1999 па 2006 г. Яго працу працягнулі Шульга Павел Мікалаевіч, які ўзначальваў прадпрыемства з 2006 па 2013 г., Бычкоўскі Павел Міхайлавіч, які ўзначальваў прадпрыемства з 2013 па 2024 г., з мая 2024 года па цяперашні час калектывам кіруе Плашкоў Дзмітрый Іванавіч.

Прадпрыемства адным з першых укараніла ў працу навукоўцаў канцэпцыю: «ад навуковай ідэі да арганізацыі вытворчасці і выпуску інавацыйнай прадукцыі».

Цэнтр інфармацыйна вымяральных сістэм

Адным з першых на базе «УНІТЭХПРАМ БДУ» таксама быў створаны «Цэнтр інфармацыйна-вымяральных сістэм», у якасці навукова-вытворчага падраздзялення навуковай групы кафедры інфарматыкі факультэта радыёфізікі і электронікі, якая займалася вымяральнай электронікай, затым атрымала статус навукова-даследчай лабараторыі інфармацыйна-вымяральных сістэм. Ідэя цэнтра – давядзенне найбольш удалых распрацовак лабараторыі факультэта да гатовага прамысловага вырабу, засваенне іх у вытворчасці і прасоўванне прадукцыі на рынак.

Першым начальнікам цэнтра быў дацэнт кафедры інфарматыкі В. А. Чудоўскі (1999-2011). Яго справу працягнула цяперашні кіраўнік – старшы навуковы супрацоўнік А. В. Калачова.

На працягу мінулых больш за 20 гадоў у цэнтры былі асвоены ў вытворчасці і ўкаранёны ў розных навуковых, вытворчых і навучальных арганізацыях Рэспублікі Беларусь, краін СНД і далёкага замежжа больш за 60 тыпаў вымяральных сістэм навуковага, навучальнага, прамысловага, медыцынскага, транспартнага і аэракасмічнага прызначэння. Больш за 20 тыпаў вымяральных прыбораў, створаных у рамках дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, заказных і ініцыятыўных распрацовак, былі ўнесены ў дзяржаўныя рэестры сродкаў вымярэнняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Вымяральныя прыборы, якія выпускаюцца на прадпрыемстве, з'яўляюцца пастаяннымі экспанатамі шматлікіх міжнародных і айчынных выстаў, імі заваявана некалькі дзясяткаў медалёў, дыпломаў і грамат. Выкананы некалькі дзясяткаў міжнародных кантрактаў на пастаўку вымяральных прыбораў. Шырокую вядомасць атрымалі кампутарныя вымяральныя сістэмы лічбавай асцылаграфіі сямейства «BORDO», шматфункцыянальныя вымяральныя комплексы «УНИПРО», «ВОЛМА», «Alma Meter», «Alma Meter – 2» (дыплом I ступені, залаты медаль у намінацыі «Лепшы інавацыйны праект (распрацоўка) у вобласці: прыборабудаванне, айчынная элементная база, кампутары і камплектуючыя», HI-TECH, Санкт-Пецярбург, 2020), сістэмы маніторынгу транспарту сямейства «АГЕНТ», сувенірныя электронныя вырабы, электронныя вузлы малых касмічных апаратаў, медыцынская тэхніка: спіраметрыя «МАС-1-А» і «МАС-1-ПК»; медыцынская ўстаноўка «Птич М».

Важная дата у гісторыі цэнтра і ў гісторыі БДУ – адкрыццё ў 2020 г. пляцоўкі прататыпавання і дробнасерыйнай вытворчасці радыёэлектроннай апаратуры.

Супрацоўнікі цэнтру атрымалі магчымасць аператыўна вырабляць макетныя ўзоры карпусных дэталяў прыбораў, датчыкаў і аснасткі эксперыментальных установак, іх дробнасерыйную вытворчасць, маркіроўку і гравіроўку. Пляцоўка дазваляе праводзіць наладу электронных прылад і модуляў, выхадны тэхналагічны і метралагічны кантроль іх параметраў, вырабляць паўаўтаматычны і ручны мантаж (пайка) электронных кампанентаў на друкаваныя платы.

Пляцоўка была створана пры фінансавай падтрымцы рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду РБ, інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама і ўласных сродкаў «УНІТЭХПРАМ БДУ», у рамках выканання інавацыйнага мерапрыемства па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Асаблівасцю новай пляцоўкі з'яўляецца яе арыентацыя на радыёфізічны навукова-вучэбна-вытворчы кластар БДУ, які паспяхова працуе на працягу больш за 20 год, забяспечвае практычнае ўзаемадзеянне і эфектыўнае спалучэнне ведаў і вопыту навуковых супрацоўнікаў і выкладчыкаў факультэту радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій, і НДІ прыкладных фізічных праблем БДУ.

Стварэнне медыцынскіх і лекавых вытворчасцей

Адначасова з загадам аб стварэнні «УНІТЭХПРАМ БДУ», – 30 верасня 1999 года, была заснавана «Служба малатанажнай хіміі», задача якой – вытворчасць вырабаў медыцынскага прызначэння. Сёння распрацоўкамі калектыву карыстаюцца як айчынныя, так і замежныя лабараторыі: адным з паспяховых вынікаў стала стварэнне высокаэфектыўнага набору рэагентаў для афарбоўкі мазкоў крыві «Эозин-метиленовый синий для автоматитческих систем», распрацаваны для прыбораў па афарбоўцы мазкоў крыві тыпу «Hemo – Tek», і для гематалагічных аналізатараў «Hemacomp – 10».

Распрацоўкі ў медыцынскай галіне паказалі актуальнасць і запатрабаванасць развіцця лекавага накірунку – 1 красавіка 2009 года была заснавана «Служба лекавых сродкаў», дзеля ўкаранення сумесных распрацовак лабараторыі хіміі поліцукрыдаў НДІ ФХП БДУ, «РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі» і «РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М. М. Аляксандрава». 

Ля вытокаў стварэння службы стаялі супрацоўнікі НДІ ФХП БДУ: к. х. н., дацэнт Бычкоўскі Павел Міхайлавіч, загадчыца лабараторыі поліцукрыдаў, к. х. н., дацэнт Юркштовіч Таццяна Лукінічна і навуковы супрацоўнік Бяляеў Сяргей Аляксандравіч. На момант стварэння распрацоўкамі лекавых сродкаў займаліся 2 асноўных супрацоўніка і 5 сумяшчальнікаў.

Адным з самых галоўных стаў праект Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь «Стварэнне малатанажнай вытворчасці фармацэўтычных субстанцый для атрымання проціпухлінных, кардыётропных і іншых лекавых сродкаў, якія адпавядаюць стандартам GMP на базе арганізацый Мінадукацыі» (2013-2015 гг.). Дзякуючы фінансавай падтрымцы інавацыйных фондаў Мінгарвыканкама, Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя і ўласных сродкаў прадпрыемства, навукоўцы паспяхова распрацавалі высокаэфектыўныя прэпараты, наладзілі вытворчасць па поўным цыкле і ў 2016 г. атрымалі сертыфікат адпаведнасці вытворчасці прадукцыі GMP.

Сёння медыцынскае і лекавае вытворчасці з'яўляюцца візітнай карткай «УНІТЭХПРАМ БДУ», а прадукцыя, якая вырабляецца, і яе шырокая патэнтная абарона прадстаўляюць Беларусь на міжнароднай арэне. Сумесна з лабараторыяй хіміі палімераў НДІ ФХП БДУ наладжана вытворчасць арыгінальных і генерычных фармацэўтычных субстанцый «Темозоломид», «Проспидия хлорид», «Проспиделонг», «Темодекс», «Нитаргал» і арыгінальных проціпухлінных лекавых прэпаратаў «Цисплацел», «Темодекс», «Проспиделонг» для лакальнай хіміятэрапіі.

Арыгінальны лекавы прэпарат «Темодекс» для лакальнай хіміятэрапіі пухлін галаўнога мозгу атрымаў у Еўропе статус арфанасці – статус фармацэўтычнага сродку, які распрацаваны для лячэння рэдкіх захворванняў; мае патэнтавую абарону ў краінах Еўропы, ЗША, Індыі, Кітаі, краінах ЕАЭС.

Лекавы прэпарат «Цисплацел» дазваляе павялічыць працягласць жыцця і працягласць безрэцыдывага перыяду пры лячэнні пухлін галаўнога мозгу, хрыбетніка і органаў галавы і шыі.

Сёння калектывы «Службы лекавых сродкаў» і лабараторыі хіміі поліцукрыдаў НДІ ФХП БДУ рэалізуюць праект па Дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця «Арганізацыя вытворчасці арыгінальных біярэзарбаваных паліфункцыянальных лекавых прэпаратаў» у адпаведнасці з патрабаваннямі GMP (2019-2022).

Навукова вытворчы цэнтр харчовых тэхналогій

Важным напрамкам у рэалізацыі навуковых ініцыятыў па паляпшэнню вытворчасцяў і падтрыманню здароўя насельніцтва з'яўляецца «Навукова вытворчы цэнтр харчовых тэхналогій», задача якога з момнту стварэння – распрацоўка і вытворчасць інгрэдыентаў для харчовай галіны: тэхналагічных і абагачальных дадаткаў, вітамінна-мінеральных комплексаў, безглютенавых сумесяў для хлебапякарнай прамысловасці, фітасоляў, сухіх прыправаў, кампазіцый для напояў, сродкі змазкі хлебапякарных формаў, ўгнаенні.

Навукова-вытворчы цэнтр харчовых тэхналогій быў арганізаваны на базе распрацовак кафедры фізічнай хіміі БДУ ў 1999 г. Ля вытокаў стварэння цэнтра стаялі Мадзіеўская Таццяна Афанасьеўна, к. х. н., Гусеў Яўген Аляксандравіч, к. х. н., Далідовіч Сяргей Уладзіміравіч, к. х. н.

Колькасць калектыву вар'іравалася ад 2 да 40 чалавек і аб'ядноўвала хімікаў, біёлагаў, фізікаў, матэматыкаў і тэхнолагаў. З моманту заснавання цэнтрам кіруе Мадзіеўская Таццяна Афанасьеўна, пад кіраўніцтвам якой у цяперашні час працуе 9 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, якія маюць практычны досвед працы ў галіне навукі і вытворчасці, сярод якіх 3 к. х. н.

Стартам працы цэнтра было стварэнне тэхналогіі вырабу пераксіду кальцыя, прызначанага для прымянення ў якасці монапаляпшальніка для хлебапякарнай прамысловасці. У гэты ж час пачаліся даследаванні па стварэнні і вытворчасці комплексных айчынных паляпшальнікаў для хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, прызначаных для карэкцыі мукі з паніжанымі хлебапякарнымі ўласцівасцямі. Былі распрацаваны першыя 12 найменняў серый «Плисса», «Кедр», «Славянка», а таксама водарастваральныя паляпшальнікі «Орфей-2» і «Кедр-аква».

Праца вядзецца па прынцыпе поўнага інавацыйнага цыклу, які ўключае пастаноўку праблемы, распрацоўку складаў харчовых кампанентаў, даследаванне іх фізіка-хімічных, тэхналагічных, механічных характарыстык, распрацоўку і зацвярджэнне поўнага пакету нарматыўна-тэхналагічнай дакументацыі, арганізацыю вытворчасці харчовых дабавак.

Цэнтр харчовых тэхналогій актыўна супрацоўнічае з іншымі падраздзяленнямі БДУ і Нацыянальнай акадэміей навук Беларусі. Такі саюз забяспечвае запатрабаваную пастаноўку задачы, правядзенне комплексных даследаванняў кампазіцый, а таксама лабараторныя і вытворчыя выпечкі, якія дазваляюць ацаніць тэхналагічныя характарыстыкі кампазіцый, распрацаваць рэкамендацыі па іх выкарыстанні і рэцэптуры на гатовыя вырабы, а таксама рэалізаваць складаныя кааператыўныя праекты.

У пераліку распрацовак навукоўцаў ужо больш за 200 найменняў, якія былі шырока прадстаўлены на міжнароднай арэне, у тым ліку на нацыянальных выставах Беларусі, у гарадах Расіі, Літве, Украіне, Малдове, Польшчы, Ліване, Сербіі, Кітаі, В'етнаме, дзе былі адзначаны 13 дыпломамі I ступені з уручэннем залатых медалёў.

На сённяшні дзень навукоўцы цэнтра распрацавалі высокаэфектыўныя тэхналагічныя і абагачальныя дадаткі, асвоеныя ў айчынных вытворчасцях, у тым ліку комплексы для цяжарных і кормячых жанчын, вітамінныя комплексы для харчавання школьнікаў, сумесі рэзка-араматычныя, прыправы сухія, фітасолі харчовыя, сумесі для людзей з парушэннем бялковага абмену, кампазіцыі для карэкцыі вугляводнага абмену.

Адной з візітных картак цэнтра з'яўляецца распрацоўка дыетычнай фітасолі з паніжаным утрыманнем хлорыстага натрыю серыі «Универсум», якая атрымала Еўразійскі патэнт (2017 г.), прызначана для замены паваранай солі і дазваляе зменшыць яе спажыванне і знізіць рызыкі развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі і іншых хвароб сістэмы кровазвароту.

Да 100-гадовага юбілею БДУ калектыў цэнтра распрацаваў серыю сумесяў рэзка-араматычных – «Времена года», прызначаных для прамысловага прымянення пры вытворчасці розных відаў харчовай прадукцыі, для паляпшэння іх арганалептычных паказчыкаў і падаўжэння тэрмінаў прыдатнасці.

«УНІТЭХПРАМ БДУ»: СУЧАСНЫЕ ДНІ

У цяперашні час прадпрыемства прымае актыўны ўдзел у рэалізацыі інавацыйных праектаў у ДПІР і рэалізуе інавацыйныя мерапрыемствы па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы навукова-тэхналагічнага парка. Выконвае шэраг заданняў у ДПНД, ДП, НТП і іншых праграмах. Распрацоўкі праходзяць поўны інавацыйны цыкл: ад фармулёўкі тэхнічнага задання да серыйнай вытворчасці, якая адносіцца да 4-6 тэхналагічных укладаў. Актыўна развіваецца накірунак тэхналагічнага парку, задача якога – аказанне падтрымкі рэзідэнтам тэхнапарку: на дадзены момант у яго ўваходзяць 9 рэзідэнтаў.

«Унітэхпрам БДУ» мае статус навукова-тэхналагічнага парку, ліцэнзію на права ажыццяўлення фармацэўтычнай дзейнасці, дазвол на прымяненне знака адпаведнасці сістэмы добраахвотнай сертыфікацыі «Міжнародныя сістэмы менеджменту якасці». З 2017 года прадпрыемства ўваходзіць у склад холдынгу па вытворчасці фармацэўтычнай прадукцыі «Белфармпром». З 2019 – з'яўляецца сапраўдным членам Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Калектыў «УНІТЭХПРАМ БДУ» – гэта высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія маюць практычны досвед працы ў распрацоўцы і вытворчасці навукаёмістай прадукцыі. Многія супрацоўнікі маюць узнагароды міністэрстваў і ведамстваў, калектыў прадпрыемства ўзнагароджаны падзякай старшыні Мінгарвыканкаму, Дыпломам III ступені БДУ, Ганаровай граматай Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіях, Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.